ВАЎЧА́НКА ЧЫРВО́НАЯ,

хвароба з групы калагенозаў (гл. Калагенавыя хваробы). Праяўляецца ў формах: дыскоіднай і дысемінаванай — хранічнае захворванне скуры, сістэмнай — хвароба з расстройствамі і пашкоджаннямі ўнутр. органаў. Формы ваўчанкі чырвонай звязаны паміж сабой: дыскоідная можа пераходзіць у сістэмную. Прычыны захворвання канчаткова не высветлены; значная роля належыць вірусам і аўтаімунным працэсам. Правакуюць развіццё хваробы празмерная інсаляцыя, ахаладжэнне, траўмы, ачагі хранічнай гнойнай інфекцыі, дысфункцыя эндакрыннага апарату.

Ваўчанка чырвоная дыскоідная праяўляецца пашкоджаннем скуры ў выглядзе ацёчнай плямы ці інфільтраванай бляшкі, якія павялічваюцца і пакрываюцца густымі лусачкамі, скура станчаецца і ўтвараецца рубцовая атрафія. Лакалізацыя: скура носа, твару, валасістай часткі галавы, верхняй часткі грудзей, спіны. Пры ваўчанцы чырвонай дысемінавай колькасць ачагоў значна большая, яны не здольныя да перыферычнага росту, найменш інфільтраваныя і не заўсёды ўтвараецца рубцовая атрафія. Ваўчанка чырвоная сістэмная характарызуецца пашкоджаннем суставаў, серозных абалонак, скуры, унутр. органаў, ц. н. с. Лячэнне: антымалярыйныя прэпараты, вітаміны, глюкакартыкоідныя гармоны, фотаахоўныя мазі і крэмы.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)